Павел Северинец

Нарадзіўся 30 сьнежня 1976 г. у Воршы, у сям’і журналіста Канстанціна Севярынца й школьнай настаўніцы Тацьцяны Севярынец. У 1994 г. скончыў з залатым медалём СШ № 25 Віцебска ў мастацка-архітэктурнай клясе, у 2000 годзе – геаграфічны факультэт БДУ, атрымаўшы прафэсію інжынэра-геоляга па спэцыяльнасьці “Разьведка карысных выкапняў». У 1994-1999 гг. працаваў рэпарцёрам у шэрагу дзяржаўных і камэрцыйных выданьняў. З 1998 г. пачаў друкавацца ў незалежнай прэсе як публіцыст. У кастрычніку 1995 г. уступіў у БНФ «Адраджэньне». У лютым 1997 г. узначаліў Менскую маладзёвую фракцыю БНФ. У верасьні 1997 г. на Устаноўчым сойме быў абраны сустаршынём Маладога Фронту. 2 красавіка 1998 г. арыштаваны падчас апазыцыйнае маніфэстацыі ў Менску і за «зрыў канцэрту, прысьвечанага аб’яднаньню Расеі й Беларусі», зьмешчаны ў сьледчы ізалятар на вул. Валадарскага. Праз 2 месяцы пад ціскам беларускай і міжнароднай грамадзкасьці вызвалены й адпраўлены пад падпіску аб нявыезьдзе ў Віцебск. Крымінальная справа закрытая ў лістападзе 1998 г. без тлумачэньняў і прабачэньняў. Удзельнік і арганізатар масавых вулічных выступаў моладзі ў 1997-2004 гг., больш за 40 разоў затрымліваўся міліцыяй і КДБ; агулам правёў пад арыштам больш за 7 месяцаў і атрымаў 3,5 тысячы даляраў штрафаў. Заснавальнік асьветніцкага праекту «Шоў Беларушчыны», курсаў «Ды-джэяў Адраджэньня», ініцыятар стварэньня кааліцыі беларускіх дэмакратычных маладзёвых арганізацыяў «Пераменаў!», а таксама міжканфэсійнае супольнасьці «Хрысьціянская ініцыятыва». У 1999-2003 гг. – намесьнік старшыні Партыі БНФ. З 1999 да 2004 – старшыня Маладога Фронту. Адзін з арганізатараў І Кангрэсу Беларускай Моладзі (ліпень 2001 г.), абароны Курапатаў (верасень 2001 г. — чэрвень 2002 г.), нацыянальнай кампаніі «Беларусь у Эўропу!» (вясна 2002 г.), перадвыбарчага блёку «Маладая Беларусь» (2004 г.), партыі Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя (2005 г.). У 2005 годзе абвінавачаны ў арганізацыі акцыяў пратэсту супраць «трэцяга тэрміну Лукашэнкі», якія адбыліся ў Менску пасьля «рэфэрэндуму-2004″ 18 і 19 кастрычніка. Асуджаны да 3-х гадоў абмежаваньня волі (г.зв. «хіміі»), з улікам амністыі тэрмін скарочаны да 2-х гадоў. Адбываў пакараньне на лесанарыхтоўках у вёсцы Малое Сітна на Поўначы Беларусі (Полацкі раён). Аўтар кнігаў: «Ды-джэй Адраджэньня» (1998 г.), «Пакаленьне Маладога Фронту» (2002 г.), «Нацыянальная ідэя» (2005 г.), «Лісты зь лесу» (2007 г.), «Брату» (2007 г.). Ляўрэат літаратурнае прэміі Беларускага ПЭН-цэнтру імя А. Адамовіча. Xрысьціянін.