Кампанія "Народны рэферэндум"

У траўні 2013 году Рух "За Cвабоду", Партыя БНФ, грамадзянская кампанія "Гавары Праўду" абвясцілі аб пачатку кампаніі "Народны рэферэндум". Пазней ініцыятыву падтрымалі партыя БСДП (Г), аргкамітэта па стварэніі Партыі свабоды і прагрэсу, а таксама каля паўсотні грамадскіх арганізацый. Ініцыятыва з'яўляецца адкрытай для далучэння грамадзян і арганізацый Мэта гэтай кампаніі - правесці ў Беларусі новы рэферэндум, які вызначыць, як павінна развівацца Беларусь, верне павагу і магчымасці грамадзянам Беларусі. Ініцыятары “Народнага рэферэндуму” правялі сустрэчы з жыхарамі 50 беларускіх гарадоў, дзясяткі тысяч чалавек былі ахоплены пісьмовым і тэлефонным анкетаваннем дзеля вызначэння самых хвалюючых грамадства пытанняў . У выніку з дапамогай экспертаў былі сфармуляваны шэсць пытанняў, якія склалі парадак дня ”Народнага рэферэндуму”. Гэта: 1. Ці згодныя вы, што ў дзяржаўных установах адукацыі і аховы здароўя ўсе паслугі грамадзянам Беларусі павінны аказвацца бясплатна? 2. Ці згодныя вы, што кіраўнікі выканкамаў гарадоў, раёнаў, абласцей павінны абірацца прамым галасаваннем грамадзян? 3. Ці падтрымліваеце вы курс на эканамічную інтэграцыю, асацыяцыю і стварэнне бязвізавай прасторы з Еўрапейскім Саюзам? 4. Ці згодныя вы, што дзеля забеспячэння нейтральнага статусу Беларусі ў краіне павінна быць забаронена размяшчэнне замежных вайсковых аб’ектаў, ядзернай зброі, а беларускія вайскоўцы не мусяць несці службу за мяжой? 5. Ці згодныя вы, што адна і тая ж асоба не можа займаць пасаду прэзідэнта больш за два тэрміны? 6. Ці згодныя вы, што грошы, атрыманыя ад запланаванай урадам прыватызацыі, у першую чаргу павінны пайсці на кампенсацыю ўкладаў, згубленых пад час дэвальвацыі-2011, і стварэнне працоўных месцаў? Цяпер адбываецца збор подпісаў грамадзян у падтрымку ініцыятывы. На першым этапе мяркуецца сабраць 50 тысяч подпісаў грамадзян будуць накіраваны ў Палату прадстаўнікоў з прапановай ініцыяваць рэферэндум пераменаў. Наступная мэта – 500 тысяч подпісаў. Мяркуецца, што дзеля гэтага актывісты і валанцёры ініцятывы абыдуць 1 мільён 200 тысяч кватэраў беларусаў.